САЮ́З БЕЛАРУ́СКАЙ МО́ЛАДЗІ (СБМ),
маладзёжная арг-цыя на акупіраванай ням.-фаш. захопнікамі тэр. Беларусі і ў Германіі ў Вял. Айч. вайну. Створаны 22.6.1943 па ініцыятыве герм. улад на ўзор саюза гітлераўскай моладзі (Гітлер-югенд) паводле загаду ген. камісара Беларусі В.Кубэ. Дзейнічаў пад кантролем аддзела моладзі Ген. камісарыята Беларусь і спецслужбаў. Вышэйшы орган СБМ — Кіруючы штаб на чале з М.Ганько (мужчыны) і Н.Абрамавай (жанчыны). Штаб знаходзіўся ў Мінску, з ліп. 1944 — у Берліне; падпарадкоўваўся Бел. цэнтр. радзе. Друкаваныя органы: час. «Жыве Беларусь!», газ. «Юнацкі покліч». Гал. мэтай саюза была падрыхтоўка новай генерацыі беларусаў у духу герм. нацыянал-сацыялізму. СБМ павінен быў аб’ядноўваць бел. моладзь ва ўзросце 10—20 гадоў, яго дзейнасць будавалася на жорсткім прынцыпе фюрэрства. За чэрв. 1943 — ліп. 1944 на акупіраванай тэр. Беларусі падрыхтавана каля 1500 функцыянераў малодшага, сярэдняга і вышэйшага звяна СБМ. На 1.7.1944 адзінкі СБМ былі створаны ў 16 акругах і больш як 60 паветах, у іх налічвалася больш за 12,6 тыс. чал., з якіх 3,5 тыс. былі аб’яднаны ў рабочую групу СБМ «Германія» і працавалі на ваен. прадпрыемствах Трэцяга рэйха. Члены саюза прыцягваліся да ваен.-буд. і гасп. работ на акупіраванай тэр. Беларусі. Пад уплывам перамог Чырв. Арміі, прапагандысцкай і арганізац. дзейнасці сав. падполля многія радавыя члены і некат. кіраўнікі СБМ пераходзілі на бок партызан. Частка актыўных членаў (каля 3 тыс. чал.) пакінула Беларусь разам з адступаючай герм. арміяй. Дзейнасць СБМ працягвалася да вясны 1945 на тэр. Германіі. За ўдзел у СБМ пасля вайны судзілі як за здраду Радзіме, садзейнічанне акупантам і інш.
Літ.:
Каваленя А.А. Прагерманскія саюзы моладзі на Беларусі, 1941—1944: Вытокі. Структура. Дзейнасць. Мн., 1999.
А.А.Каваленя.
т. 14, с. 222
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)